Самастойная экспазіцыя «Памяці патрыётаў Віцебшчыны 1941-1945 гг.»

Экспазіцыя размешчана ў падвалах будынка Віцебскага духоўнага вучылішча, у якім падчас нямецка-фашысцкай акупацыі Віцебска размяшчалася аператыўная каманда службы бяспекі (СД-9) (са жніўня 1941 г. па снежань 1943 г.). У верхніх паверхах будынка размяшчаліся кабінеты, дзе вяліся допыты, падвалы служылі турэмнымі камерамі. Па няпоўных дадзеных толькі за перыяд з 18 ліпеня па 18 снежня 1942 г. праз засценкі СД прайшло 3026 чалавек.

У адрэстаўраваных камерах прадстаўлены фотадакументальныя матэрыялы аб Героях Віцебскага падполля, якія былі тут: Веры Харужай, Соф'і Панковай, Еўдакіі Суранавай, Антаніне Ермаковіч, Раісе Шараковай, Эдуардзе Грэбянькове, Лідзіі Бярозкінай і інш.